РЭА́КЦЫЯ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, радыяцыйнае трэнне,

сіла, што дзейнічае на зараджаную часціцу (напр., электрон) з боку выкліканага ёй эл.-магн. выпрамянення; тармажэнне выпрамяненнем. Паскораны рух зараджанай часціцы вядзе да выпрамянення эл.-магн. хваль. У сістэме такіх часціц не захоўваюцца энергія і імпульс. Такая сістэма «паводзіць» сябе як мех. сістэма пры наяўнасці сіл трэння (дысіпатыўная сістэма), якія ўводзяцца для апісання факта незахавання энергіі ў сістэме ў выніку яе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)